Асабісты кабінет

Інфармацыя пра часопіс

    Часопіс створаны ў 1987 г. як штомесячнае навуковае і метадычнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Пачаў выходзіць у студзені 1988 г. Першапачатковая назва – “Беларуская мова і літаратура ў школе”, у 1992 г. перарэгістраваны як “Роднае слова”. З 1 ліпеня 2001 г. рэдакцыя часопіса дзейнічае самастойна як Установа «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”».

    “Роднае слова” – сацыяльна значнае выданне Рэспублікі Беларусь, на старонках якога друкуюцца літаратурна-крытычныя матэрыялы пра творчасць знакамітых айчынных і замежных пісьменнікаў; мовазнаўчыя даследаванні па гісторыі беларускай мовы, функцыянаванні яе ў сучасным грамадстве; адлюстроўваюцца вопыт і дасягненні педагогаў краіны; друкуюцца матэрыялы для падрыхтоўкі да алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, цэнтралізаванага тэсціравання. У часопісе змешчаны навукова-папулярныя артыкулы пра нацыянальную і сусветную культуру (тэатральнае і кінамастацтва, гісторыя архітэктурнага, выяўленчага і музычнага мастацтва, фальклорныя традыцыі беларускага народа і народаў свету, матэрыялы пра экспазіцыі рэспубліканскіх музеяў); матэрыялы краязнаўчай тэматыкі, з гісторыі старажытных беларускіх родаў, якія спрыяюць патрыятычнаму і ідэалагічнаму выхаванню моладзі.

    Матэрыялы ў часопіс падбіраюцца ў адпаведнасці з беларускай дзяржаўнай ідэалогіяй, прыярытэтамі нацыянальнай адукацыі і культуры, з улікам вучэбных праграм па беларускай мове і літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, каляндарна-тэматычным планаваннем, паводле календара адметных датаў і падзей Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

    Часопіс належыць да тых перыядычных беларускамоўных выданняў гуманітарна-асветніцкага кірунку, якія істотна дапамагаюць у станаўленні нацыянальнай самасвядомасці, далучэнні маладога пакалення да беларускай і сусветнай духоўна-культурнай спадчыны.

    Часопіс “Роднае слова” ўключаны ў Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі, педагогіцы (тэорыя і методыка навучання беларускай мове і літаратуры).

    Па выніках рэйтынгавай ацэнкі навуковых выданняў, якія ўваходзяць у Пералік Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь (Дадатак да рашэння калегіі ВАК Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 2015 г.), часопіс “Роднае слова” заняў 4-е месца з 22 навуковых выданняў па навуковым накірунку “Літаратуразнаўства”, 4-е месца з 19 выданняў па “Мовазнаўстве”, 6-е месца з 15 па “Мастацтвазнаўстве і культуралогіі” і 16-е з 45 па “Педагагічных навуках”. Гэта паказчык запатрабаванасці “Роднага слова”, яго значнасці ў адукацыйнай прасторы краіны.

    Аўтары і чытачы часопіса “Роднае слова” – вядомыя вучоныя, а таксама аспіранты і дактаранты Беларусі і замежжа (Украіны, Балгарыі, Славакіі, Кітая), выкладчыкі ВНУ, настаўнікі гімназій, ліцэяў, школ, бібліятэкары, супрацоўнікі музейных устаноў і інш.

    У сакавіку 2014 г.  установа атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца, вытворцы і распаўсюджвальніка друкаваных выданняў на права здзяйснення выдавецкай дзейнасці навуковых, навукова-папулярных, вучэбных, літаратурна-мастацкіх, даведачных, выданняў для вольнага часу. Зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў Рэспублікі Беларусь за № 1/219  (з кастрычніка 2010 г. дзейнічаў спецыяльны дазвол (ліцэнзія) № 02330/0630706 на выдавецкую дзейнасць).

    У жніўні 2019 г. часопіс “Роднае слова” ўвайшоў у склад РУП «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”», дзе мы і далей будзем рыхтаваць для вас наша навуковае і метадычнае выданне.

 

Установай «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”» выдадзены кнігі: 

  • «Я – сын Ваш: Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”. Карафа-Корбуты герба “Корчак”» А. Статкевіча-Чабаганава;

  • «Я – сын Ваш: Некрашэвічы герба “Любіч”. Татуры герба “Данброва” Кернажыцкія герба “Юноша”. Маствіловічы “Даленга”» А. Статкевіча-Чабаганава;

  • “Янка Купала ў Славакіі” М. Труса;

  • “І прызванне, і лёс: жыццё і дзейнасць вучонага-педагога прафесара Фамы Антонавіча Бельскага” А. Бельскага;

  • ілюстраваны альбом “Маляваныя сны Паўла Марціновіча” (уклад. А. Статкевіч-Чабаганаў);

  • даведачанае выданне “Беларускія пісьменнікі на старонках часопіса “Роднае слова” (2008 – 2012 гг.)” (уклад. А. Канановіч [і інш.]);

  • “Фёдар Піскуноў. Мова як сістэма” (уклад. К.Ф. Піскуноў, К.М. Пучынская);

  • “Тут іх карані і вытокі: вядомыя людзі з Капыльшчыны ў свеце” А. Бельскага;

  • “Беларуская мова: тэсты” Л.І. Пшанічнай;

  •  паэтычны зборнік “Малюся зорам” З. Падліпскай.

 Паспяховая дзейнасць калектыву часопіса адзначана шэрагам дыпломаў і грамат, сярод якіх:

 

    Падпіску можна аформіць у любым аддзяленні РУП “Белпошта” і “Белсаюздрук” на 1 мес., 3 мес., паўгоддзе.

    Падпісныя індэксы часопіса “Роднае слова”: індывідуальны – 74823,
                                                                                 ведамасны – 748232.

 

    Са студзеня 2012 года часопіс “Роднае слова” ўключаны ў падпісныя каталогі краін замежжа. Інфармацыя змешчана ў каталогах: ТАА “Информнаука”, ЗАО “MK-Periodica”, ГП “Пресса” (Украіна), ГП “Posta Moldovei” (Малдова), АО “Lietuvos Pastas” (Літва), “Kuschnerov EASTEUROBOOKS” (Германія), ТАА «Подписное агентство PKS» (Латвія), фірма “Index” (Балгарыя).

    Часопіс “Роднае слова” можна набыць у кнігарні “Акадэмічная кніга” (Мінск, праспект Незалежнасці, 72).