У прадчуванні выніку
- 19 стдзеня 2026 16:56:46
Надзённы абавязак такога выдання, як “Роднае слова”, – смела глядзець наперад. Абавязак і спосаб працы, не рэгламентаваныя, здаецца, ніякай афіцыйнай інструкцыяй.
А як без гэтага абраць тэмы новых нумароў, “убачыць” каляровыя вокладкі кожнага з іх, распачаць маштабныя гадавыя праекты? Таму кожнага разу, плануючы змест будучых выпускаў, адчуваем сябе крыху чараўнікамі… Вядома, жыццё зробіць свае папраўкі, падкарэктуе творчы імпэт, але ўжо сёння вы бачыце часопіс, старонкі якога пульсуюць важнымі датамі, яркімі імёнамі, адметнымі падзеямі новага, 2026-га года. Зазірайце ў будучыню разам з намі!
Не адна сёлетняя наша прэм’ера пройдзе пад зоркай Максіма Багдановіча, чыё 135-годдзе Беларусь адзначыць у снежні. Напярэдадні юбілею абавязкова ўбачыць свет роднасловаўскі нумар-альманах, прысвечаны паэту. Ужо са студзеня ўсе выпускі часопіса будзе адкрываць партрэтная выява творцы: галерэю вобразаў “Калісь глядзеў на сонца я…” складуць найлепшыя працы са збораў айчынных музеяў. Кожны зможа папоўніць уласную калекцыю, зручнай у выкарыстанні яе зробяць практычныя qr-коды.
Яшчэ адна ўнікальная “калекцыя” наблізіць чытачоў да жыццяпісу Максіма Багдановіча праз мемарыяльныя прадметы, што захоўваюць памяць пра паэта, яго атачэнне і зберагаюцца ў Беларусі. Адчуць музейную магію гэтых артэфактаў дапаможа рубрыка “Рэчы і гісторыі” – супольны праект з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.
Рыхтуюцца публікацыі, прымеркаваныя да юбілейных датаў Івана Мележа, Кандрата Крапівы, Змітрака Бядулі, Васіля Віткі, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Міхася Чарота, Анатоля Вярцінскага ды іншых пісьменнікаў. Класічная спадчына беларускіх творцаў не толькі знойдзе адлюстраванне ў літаратуразнаўчых рубрыках, але і стане аб’ектам даследавання ў аўтарскіх цыклах “Крылатыя словы з іншамоўных крыніц” (часопісная прэм’ера мінулага года) і “Беларускія пісьменнікі на тэлебачанні” (першы матэрыял, прысвечаны гісторыі кінаўвасаблення прозы Івана Шамякіна, чытайце ўжо ў гэтым нумары).
Айчыннае прыгожае пісьменства і яго класікі паўстануць у маляўнічым асэнсаванні асветніцкага праекта “Лучнасць музаў: літаратурная спадчына і выяўленчае мастацтва”. Да сяброўскай музейнай супольнасці, што знаёміць чытачоў “Роднага слова” са скарбамі беларускай культуры, у новым годзе далучыцца Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прэзентуючы творы, натхнёныя беларускай літаратурай.
Наперадзе шмат новага, аднак не менш радуюць і ранейшыя задумы, што актыўна прэзентаваліся грамадскасці, пашырылі аўтарскае кола часопіса, разнастаілі наша ўзаемадзеянне з чытачамі, займелі сталую “прапіску” на старонках выдання – як сведчанне поспеху ды запатрабаванасці. У новым годзе знойдуць працяг супольныя праекты рэдакцыі з установамі культуры і навукі, а знаёмыя рубрыкі папоўняцца матэрыяламі сталых аўтараў, мацуючы асветніцкія традыцыі “Роднага слова” ў імклівай штодзённасці ХХІ стагоддзя.
З павагай, Наталля ШАПРАН.
360.jpg)





