Асабісты кабінет

“ПОМНІЦЕ ПРА НАС, ЛЮДЗІ…”: Да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава

  • 07 чэрвеня 2024 17:42:00

«…У гэты дзень я дастаю ста­рэнькі, злёгку пажаўцелы ўжо здымак ваенных гадоў, наспех зроблены недзе ў тыле на фарміроўцы. На ім зняты чатыры афіцэры, камандзіры ўзводаў, рот. Просты, нават будзённы нейкі выраз твараў, нічога асаблівага… Але ніводнаму з іх не ўдалося да­жыць да Перамогі. Першы загінуў на Дняпры ў 1943 годзе, апошні – 27 красавіка сорак пятага года ў Аўстрыйскіх Альпах… Іх равеснік, я сёння ўдвая старэйшы за іх. Я дажыў да Перамогі. У хвіліну маўчання, калі гучаць шуманаўскія “Мроі”, мне чуецца: помніце пра нас… помніце пра нас, людзі…»
 
Напісаныя напярэдадні Дня Перамогі, гэтыя словы Васіля Быкава сталі лейтматывам майскага нумара “Роднага слова”. Сярод часопісных альманахаў, звязаных з юбілейнымі датамі класікаў беларускай літаратуры, быкаўскі вылучаецца магістральнай тэмай памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Невыпадкова ён не толькі прымеркаваны да стагоддзя народнага пісьменніка, але і з’яўляецца часткай рэдакцыйнага праекта, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай навалы. 
Памяць мінулай вайны – у пранізлівых словах паплечнікаў па пяры, якімі яны, франтавікі, аддавалі даніну творам Васіля Быкава. Яна паўстае ў рэдкіх фотаздымках ваеннай пары. Адгукаецца болем у назвах хрэстаматыйных аповесцей, на якіх вырасла не адно пакаленне: “Незагойная рана”, “Жураўліны крык”, “Мёртвым не баліць”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Знак бяды”… Прабіваецца красамоўнымі дэталямі ў мастацкіх выявах, нават калі тыя – сяброўскія шаржы. Тэма памяці неадступная ў кінематаграфічным, музычным, харэаграфічным увасабленні быкаўскай спадчыны. Не страчвае яна набатнасці і ў перакладах на іншыя мовы. 
Аўтары нумара даследуюць феномен пісьменніцкай памяці, набліжаючыся да асобы майстра, які праз усё жыццё заставаўся верным сябрам-аднапалчанам, тым, хто не дажыў да Перамогі. Ці не адсюль магутны выхаваўчы патэнцыял прозы Васіля Быкава, без якой цяжка ўявіць вывучэнне трагічнай і пераможнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай школе? Гэта засведчылі і матэрыялы раздзела “Методыка і вопыт” (арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці старшакласнікаў, комплексныя заданні па беларускай мове і літаратуры, сістэма ўрокаў, інтэлектуальныя гульні ды іншае). Яго тэматычны працяг чакайце ў наступным нумары, што выйдзе напярэдадні 3 ліпеня.
Майскі альманах “Роднага слова” – погляд на “класіка зблізку”. Погляд на творцу, што прайшоў дарогамі вайны і, тройчы паранены, да скону насіў асколак у правай руцэ – той самай, якой напісаны яго знакамітыя аповесці.
 

 

Наталля ШАПРАН,
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”.