Асабісты кабінет

ПАЭТ НЕСПАСЦІЖНЫ

  • 20 кастрычніка 2022 17:42:10


Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы


Янка Купала лічыцца адным з самых даследаваных творцаў беларускай літаратуры, а плён купалазнаўства мог бы скласці шматтомную бібліятэку. Між тым у публікацыях гэтага нумара вы не аднойчы сустрэнеце словы загадка, рэканструкцыя, пошук… Увогуле, наш часопісны досвед упэўнівае, што вяртанне да спадчыны класікаў ніколі не бывае марным, а іх біяграфіі час ад часу дамалёўваюцца новымі, дасюль не вядомымі штрыхамі, архіўнымі знаходкамі і нават адкрыццямі. 
Сённяшняя ўвага да шляху Песняра, здавалася б, да драбніц вывучанага ранейшымі пакаленнямі даследчыкаў, мае свой, не толькі факталагічна-пазнавальны кошт. Вядома, нягледзячы на чысцютка прыбраную купалазнаўчую ніву, яшчэ трапляецца шмат прапушчаных “каласкоў”. Неацэнным усё ж падаецца тое, што цяперашні даследчыцкі позірк быццам бы змяшчае жыццё гістарычнай асобы пад прамень святла новага часу, а яго творчасць – у сучасны гістарычны кантэкст. Праз гэта і жыццё, і творчасць арганічна прымаюцца нашчадкамі, “прысвойваюцца” імі, а магчыма, і экстрапалююцца ў будучыню як уласны запавет. Так няспынная ўвага да нібыта “даўно вядомага” абарочваецца для нас фактам нацыянальнага самаспазнання.
Змест гэтага нумара вызначаюць не толькі нашы аўтары-даследчыкі, але і ўстановы, без якіх немагчыма ўявіць сучасную культурную прастору краіны. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва… Менавіта пры іх спрыянні ў творчай супольнасці ствараўся наш альманах. Нават у гэтым ладным супрацоўніцтве адчулася збіральная сіла нацыянальнага генія.
Роднасловаўская традыцыя нумароў-альманахаў, прысвечаных вызначальным постацям беларускага прыгожага пісьменства, працягваецца. Юбілейная нагода надала творчы імпульс росшукам біёграфаў і літаратуразнаўцаў, падштурхнула да некананічных ракурсаў, паспрыяла новай інтэрпрэтацыі творчасці, натхніла на спробы выніковай сістэматызацыі зробленага. І каторы раз напомніла пра невычэрпнасць крыніц Песняровай спадчыны. 
Павяртаючыся да Купалы, зноў і зноў разумееш: гэты паэт неспасціжны! Ён – не толькі стыхія сусветных маштабаў. Купала – яшчэ і тое, што кожны беларус у самых таемных куточках душы ведае пра сябе.
…Неяк на сустрэчы са студэнтамі адна першакурсніца філфака ўсклікнула: “Любіць Купалу – тое самае, што любіць Беларусь!” Не новая думка, але яе хочацца паўтараць. Бо яна дзіўным чынам не страчвае лірычнай шчымлівасці і нейкай вялікай Праўды.


Наталля ШАПРАН, 
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”.