Віктар Іванавіч Іўчанкаў
Віктар Іванавіч Іўчанкаў – доктар філалагічных навук, прафесар. Мовазнаўца і журналіст. З 1989 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (спачатку на пасадзе дацэнта, з 1996 г. – загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта). Аўтар больш як 250 навуковых і метадычных прац, у тым ліку сямі манаграфій. Змясціў на старонках друку больш як за 200 публіцыстычных матэрыялаў па праблемах адукацыі, навукі і выхавання. З 1990 г. актыўна друкуецца ў прэсе па праблемах правапісу ("Чырвоная змена", "Звязда", "Народная газета", "Настаўніцкая газета", "СБ. Беларусь сегодня", "Літаратура і мастацтва", "Крыніца", "Роднае слова", "Беларуская мова і літаратура", "Пачатковая школа", "Пралеска" і інш.). Займаецца даследаваннем стылістыкі беларускай і рускай моў, прысвяціў манаграфіі вывучэнню стыляў Уладзіміра Караткевіча і рускага пісьменніка Юрыя Казакова. Фундаментальная праца "Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту" паклала пачатак фарміраванню ў галінах журналістыкі і лінгвістыкі самастойнага навуковага адгалінавання – лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту. Заснавальнік на Беларусі навуковай школы дыскурснага аналізу СМІ. Член Беларускага саюза журналістаў. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь.