Мікола Валянцінавіч Трус
Мікола Валянцінавіч Трус – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2000), дацэнт (2004). У 1998 – 2000 гг. – дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Памочнік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2002). Двойчы стажыраваўся ва Універсітэце Я. А. Коменскага ў Браціславе. З 1996 да 2011 г. працаваў у БДУ. Займаецца параўнальным літаратуразнаўствам, даследуе гісторыю літаратур і культур славянскіх народаў, беларускую літаратуру ў агульнаславянскім кантэксце, праблемы ўдасканалення навучальнага працэсу пры выкладанні літаратуразнаўчых дысцыплін у сярэдніх школах і ВНУ. Аўтар-складальнік (у суаўтарстве) прац “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча” (1996, 1997), “Югаславянскія літаратуры і культуры: вучэбны дапаможнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў” (1999). Навуковы рэдактар, адзін са складальнікаў энцыклапедыі “Максім Багдановіч” (2011). Аўтар некалькіх навучальных дапаможнікаў, каля 200 артыкулаў у айчынных і замежных навуковых выданнях.