Алесь Аляксандравіч Каўрус
Алесь Аляксандравіч Каўрус – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1965). Закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1959). Працаваў настаўнікам на Мядзельшчыне (1959 – 1962), старшым выкладчыкам Мазырскага педінстытута (1965 – 1968), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі (1968 – 1974), рэдактарам выдавецтва "Народная асвета" (1974 – 1981), дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (1982 – 2006). Даследуе мову мастацкай літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар больш як 250 навуковых публікацый, у тым ліку кніг "З крыніц народнай мовы" (1968), "Стылістыка беларускай мовы" (1980, 2-е выд. 1987, 3-е выд. 1992), "Культура слова" (1983), "Слова наша роднае" (1986), "Мова народа, мова пісьменніка" (1989), "Дакумент па-беларуску" (1994), суаўтар (з М. Круталевічам) навучальнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ "Стараславянская мова" (2005).