Асабісты кабінет

“За што я люблю родную зямлю”. Так называўся Рэспубліканскі конкурс творчых пісьмовых работ, абвешчаны ў 2020 г. філіялам “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ім узялі ўдзел жыхары розных гарадоў і вёсак Беларусі, прадстаўнікі розных узростаў і прафесій. Усяго на конкурс было даслана больш за 800 прац, якія ўвасобілі пачуццё гонару канкурсантаў за сваю малую радзіму. Па выніках конкурсу аўтарытэтнае журы абрала 200 найлепшых прац па 12 намінацыях: “З легендаў і казак былых пакаленняў…”, “Натхняе родная зямля”, “Магутная сіла паэзіі”, ”Скарбонка ўспамінаў”, “Старонкі мінулага”, “Краязнаўчы далягляд”, “Мінулае і сучаснасць”, “Мова маёй радзімы”, “Маладыя галасы”, “Замілаванне родным краем”, “Родныя краявіды”, “Скарбы роднай зямлі”.
Узнагароджванне пераможцаў адбылося ў Прэзідыуме НАН Беларусі і стала святам аднадумцаў і паплечнікаў, паяднаных актыўнай і творчай жыццёвай пазіцыяй, любоўю да роднага краю, яго спадчыны і гісторыі. З прывітальным словам да канкурсантаў звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў. 
Аўтары творчых прац, названыя журы найлепшымі ў намінацыях “Мова маёй радзімы”,  “З легендаў і казак былых пакаленняў…” і “Скарбы роднай зямлі”, акрамя дыпломаў, атрымалі на памяць і ў падтрымку іх даследчага і асветніцкага досведу нумар навукова-метадычнага часопіса “Роднае слова”.