Асабісты кабінет

Сёння ў свеце вядома каля 2977 жывых моў. І беларуская мова адна з іх. Старажытная, песенная, пяшчотная, родная… Лічыцца, што з усіх моў беларуская – самая мілагучная пасля італьянскай! 

Менавіта яна, родная мова, робіць нас адметнымі ў свеце, бо яна адна з асноўных прыкмет нацыі. Толькі дзякуючы роднаму матчынаму слову адбываецца станаўленне нацыянальнай свядомасці чалавека, фарміраванне яго як асобы.

Каму з нас не вядома пачуццё, калі, будучы за мяжою, спачатку з цікавасцю прыслухоўваешся да замежнай гаворкі, любуешся помнікамі архітэктуры, жывапіснымі пейзажамі, але праходзіць пэўны час – і так хочацца ўдыхнуць пах спелага жыта ці гаркаваты водар рамонкаў, што шчодра цвітуць на ўскрайку родных палявых дарог! Так хочацца хутчэй пачуць роднае беларускае слова! Прачытаць добрую кнігу ці перыёдыку.

Нездарма наш часопіс, адно з прыярытэтных айчынных выданняў, мае назву, у якой заключаецца значны сакральны сэнс і высокая духоўнасць – “Роднае слова”.

За трыццаць гадоў дзейнасці ў медыйнай прасторы краіны часопіс набыў трывалыя традыцыі і адметны стыль. Пра “Роднае слова” ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. На яго старонках дзеляцца вопытам, арыгінальнымі ідэямі і цікавымі знаходкамі вядомыя айчынныя вучоныя, аспіранты, дактаранты, выкладчыкі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, а таксама вучоныя краін замежжа.

Кожны нумар ствараецца з вялікай павагай да роднага беларускага слова, шчырым клопатам пра захаванне спадчыны і духоўных здабыткаў нашага народа.

“Роднае слова” называюць сапраўднай энцыклапедыяй, бо на яго старонках прадстаўлены матэрыялы з розных галін навукі: філалогіі, культуралогіі, мастацтвазнаўства, педагогікі. Менавіта па гэтых спецыяльнасцях часопіс адносіцца да ліку рэцэнзаваных выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь і мае высокі рэйтынг сярод навуковых і метадычных выданняў краіны.

Чытачам прапануюцца літаратурна-крытычныя артыкулы, прысвечаныя  творчасці знакамітых айчынных і замежных пісьменнікаў; мовазнаўчыя і літаратуразнаўчыя даследаванні па гісторыі беларускай  мовы і літаратуры, функцыянаванні роднай мовы ў сучасным грамадстве; навукова-папулярныя артыкулы пра беларускае і сусветнае тэатральнае і кінамастацтва, народныя традыцыі, экспазіцыі рэспубліканскіх музеяў; публікацыі па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры; планы-канспекты найлепшых урокаў, распрацоўкі пазакласных мерапрыемстваў, матэрыялы перадавога педагагічнага вопыту настаўнікаў-метадыстаў, пераможцаў  гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства педагогаў.

 “Роднае слова”  разлічана не толькі на дасведчаных спецыялістаў у той ці іншай галіне навукі, як можа падацца на першы погляд. Гэта адзін з неабходных часопісаў для тых, хто ідзе па жыцці поруч з беларускім словам, дбае пра родную мову і культуру ці імкнецца пашырыць кругагляд, грунтоўна ўзбагаціць свае веды па гісторыі роднай мовы і роднай зямлі, яе знакамітых прадстаўнікоў. Бо ведаць і шанаваць культуру свайго народа, родную мову, захоўваць роднае слова як самы каштоўны скарб для сваіх нашчадкаў  – гэта значыць сцвердзіць сябе на зямлі беларусам.

Сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, мы, роднасловаўцы, звяртаемся да сваіх прыхільнікаў са словамі шчырай падзякі за тое, што на працягу многіх гадоў вы крочыце поруч з намі, чытаеце і выпісваеце “Роднае слова”.

 У часопісе “Роднае слова” вы можаце знайсці шмат артыкулаў, прысвечаных Дню роднай мовы. Для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, а таксама для класных кіраўнікоў мы прапануем наступныя матэрыялы нашых аўтараў:

Пашалюк Таццяна. Які ж гэта цуд – беларуская мова!: Вусны часопіс (V клас) – № 2 за 2019 г.;

Захарчук Ірына. Таямніцы вясковай хаты: Спаборніцтва эрудытаў (VIII – XI класы) – № 2 за 2019 г.;

Аганоўская Таццяна. “Родная мова, цудоўная мова!..” – № 2 за 2018 г.;

Кухта Галіна. “Свята роднага слова”: Пазакласнае мерапрыемства (VІІІ – IX класы) – № 2 за 2017 г.;

Казека Ала. “Ведай мову сваю, беларус!”: Турнір знаўцаў (VIII – ІХ класы) – № 2 за 2016 г.;

Кавальчук Тэрэза. “Дала мне маці гэту мову!”: Літаратурная гасцёўня (V – IX класы) –  № 2 за 2015 г.;

Алесавец Галіна, Гунько Ганна. “Багата, родная ты мова…”: Літаратурная вечарына – № 1 за 2014 г.;

Мянькоў Юрый. “Вечарына беларускай мовы і літаратуры” (ІХ – ХІ класы) – № 2 за 2013 г.

Гэтыя і іншыя матэрыялы вы можаце атрымаць, падпісаўшыся на электронную копію часопіса.