7 лютага ў межах XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша на пляцоўцы “Пісьменнік і час” адбылася прэзентацыя кнігі “Горад аслеплых скрыжаляў” Сафіі Ворса (пераклад на беларускую мову Зоі Падліпскай), выдадзенай у рэдакцыі часопіса “Роднае слова”.

Падчас мерапрыемства галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Падліпская распавяла пра работу рэдакцыйнай установы з творчай і таленавітай айчыннай моладдзю, пазнаёміла з новым праектам да 30-годдзя часопіса “Роднае слова” па выданні кніг юных аўтараў, акрэсліла праблематыку аповесці “Горад аслеплых скрыжаляў” Сафіі Ворса.

Зоя Падліпская звярнула ўвагу прысутных, што, нягледзячы на юны ўзрост, аўтар Сафія Ворса ўздымае ў аповесці сур’ёзныя тэмы сацыялізацыі невідушчых людзей, стварэння безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку, тэмы любові і павагі да бліжняга.

Перакладчык падзякавала дасведчаным чытачам за прыхільнае стаўленне да беларускамоўнага перакладу назвы аповесці “Горад аслеплых скрыжаляў” і разуменне новага адцення сэнсу назвы кнігі, што больш поўна адлюстроўвае тэматыку аповесці і звяртае ўвагу чытача на неабходнасць памятаць і выконваць біблейскія запаветы.

Для прысутных выступіў інклюзіўны хор “Радасць душы” пад кіраўніцтвам Алены Маславай.

Невідушчая ад нараджэння паэтэса, музыкант, спявачка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Патрый, якая стала прататыпам галоўнай гераіні кнігі “Горад аслеплых скрыжаляў”, прачытала свае вершы перад аўдыторыяй і выказала словы падзякі Сафіі Ворса, Зоі Падліпскай і Алене Маславай за тое, што сваёй дзейнасцю яны дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі па зроку рэалізаваць іх творчыя здольнасці.

Зоя Падліпская прадставіла прысутным новую кнігу вершаў Вольгі Патрый “От песни до песни”, выдадзеную ў студзені 2019 года ў рэдакцыі часопіса “Роднае слова”.

Наведвальнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак кнігу “Горад аслеплых скрыжаляў” Сафіі Ворса. Адбылася аўтограф-сесія.

Усе фота