Асабісты кабінет

Расціслаў Бензярук – настаўнік, пісьменнік, журналіст, аўтар “Роднага слова” з 1990 г. Нарадзіўся 27 лютага 1944 г. у вёсцы Стрыганец (цяпер хутары Стрыганецкія Бусні) Жабінкаўскага раёна. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Выкладаў мову і літаратуру ў школах на Брэстчыне, а потым 35 гадоў працаваў у раённай газеце “Сельская праўда”. Аўтар 17 кніг паэзіі і прозы. Уганараваны літаратурнымі прэміямі імя Уладзіміра Калесніка і Васіля Віткі, знакам “За вялікі ўклад у літаратуру”, пераможца конкурсаў “Духоўная веліч” і на найлепшае апавяданне ў газеце “Звязда”. Паўвека, як яго казкі трывала ўвайшлі ў школьныя падручнікі і кнігі для пазакласнага чытання.

Нізку вершаў для “Роднага слова” падрыхтаваў аўтар.

 

Расціслаў БЕНЗЯРУК

 

СВЯТЫНЯ

                      Не пакідайце мовы нашай

                      беларускай, каб не ўмёрлі!..

                           Францішак Багушэвіч.

Прыгожыя розныя

Мовы на свеце.

Нам з гэтай радзіцца

І жыць аж да смерці.

 

З любоўю складалі

Мы слова да слова:

Святыня святыняў

Нам родная мова!

 

Пад Мінскам, пад Брэстам

Або пад Бабруйскам

Не здраджвайце мове

Сваёй, беларускай!

 

Гандлюеш святыняй –

Зрачэшся і маці…

На покуць садзіце

У сонечнай хаце,

 

Каб гучна спявала

І голас быў звонкі,

Каб чулі далёка

Аб нашай старонцы.

 

ЛЕЙТЭНАНТ

У Брэст прыбыў служыць здалёк

Бязвусы лейтэнант.

Не ведаў: з-за ракі ў бінокль

Глядзела ўжо вайна.

Калі свінец расплавіў дзень

І змоўкнуў аўтамат,

У рукапашны бой людзей

Павёў той лейтэнант.

 

Айчына нахілілася: “Хачу

Я раны пазагойваць Махначу!..”

 

І выжыў ён, хаця прайшоў

Скрозь пекла і агні,

Каб расказаць пра тых сяброў,

Хто крэпасць бараніў,

Чыя згарэла маладосць,

Каб знік фашысцкі зброд…

У лейтэнанта кнігі ёсць

Пра сорак першы год.

 

…Аповесці патрэбны чытачам,

Што засталіся ад Алеся Махнача.

 

ПАЭТАЎ ВОСТРАЎ

                                Ёсць Востраў у мяне…

                                                  Міхась Рудкоўскі.

Пачнём расказваць, быццам казку, проста:

Жыў-быў Паэт і ў спадчыну меў Востраў.

А Востраў той, і блізкі, і адзіны,

Быў для яго часцінкаю Радзімы.

 

Ён адчуваў заўсёды повязь востра

З зямлёю, дзе ёсць вёска з назвай Востраў.

Была яна і праўдаю, і верай

І клалася радкамі на паперу.

 

Калі ж улетку песняра не стала,

Бацькоўская зямля засумавала,

Як ён па ёй. Здалася цяжкай ростань,

І ён паплыў…

                 паплыў назад,

                                      на Востраў.

 

З КОЛАСАВАЙ НІВЫ КАЛАСОК

Мікола з нівы каласок,

Што мудрасцю засеяў Колас.

Малым, пачуўшы звонкі голас,

Зрабіў у лірыку свой крок.

 

У вершы сэнс заклаў глыбокі,

Калі пісаў пра родны кут.

Завуць Маляўкам там і тут,

Хоць дзед ужо і рост высокі.

 

Загадка? Разгадай яе!

Ён прозвішча такое мае,

Якім у верасні і маі

Падпіша вершы зноў свае.

 

Паэзія – жыцця аснова!

Захоўвае ў душы святло,

Каб заўтра цёмна не было,

Каб матчына не знікла слова.

 

КАЛЯДНЫМ ВЕЧАРАМ

                             Алесю Карлюкевічу

Калядны вечар. Свята ў кожнай хаце,

Іграе вецер гучна паланэз…

Сыночка сёння нарадзіла маці.

Спіць у калысцы і не ведае Алесь,

Якая ў свеце зараз урачыстасць:

Сняжку падсыпала, патрэсквае мароз,

Чакае з нецярплівасцю ўсё чыста,

Што з’явіцца Збавіцель наш – Хрыстос…

Куццёй вячэру пачынаюць людзі –

Святы абрад, а ў небе – хараство!..

І кажа бацька: “Сын шчаслівы будзе,

Бо нарадзіўся на Ісусава Раство!”

 

ЖАЎНЯРОВІЧУ – СТЫЛІСТУ І ПАЭТУ

Будзе казка альбо быль –

Пятро Жаўняровіч

Правіць журналісцкі стыль,

Падбірае словы.

 

Каб папрокаў менш было,

Што прысуд свой вершыць,

Піша, ставіць на крыло

Ён часамі вершы.

 

Як у гэтым, так і ў тым

Любіць лашчыць слова,

Вучыць юных ладзіць з ім

Смела, адмыслова.