29 студзеня ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019”, якая з гэтага года будзе штогод прысуджацца дзеячам мастацтва, што зрабілі ўклад у падтрыманне прынцыпаў гуманізму і ідэй безбар’ернага асяроддзя, а таксама развіваюць інклюзіўнае мастацтва для невідушчых людзей. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і Мінская абласная арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

 

 

Першымі лаўрэатамі прэміі, якія ўганараваны званнем “Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019”, сталі юная пісьменніца Сафія Ворса за кнігу “Горад аслеплых скрыжаляў” (падрыхтаваная да друку ў рэдакцыі часопіса “Роднае слова”, пераклад на беларускую мову З. І. Падліпскай), Алена Маслава за стварэнне інклюзіўнага дзіцячага хору “Радасць душы” і галоўны рэдактар ​​часопіса “Роднае слова” Зоя Падліпская за стварэнне літаратурнай серыі: “Творы сучасных невідушчых аўтараў”.

Падчас уручэння прэміі кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Іван Галабурда падкрэсліў, што прэмія стала вынікам вялікай падрыхтоўчай працы зацікаўленых людзей, грамадскіх аб’яднанняў. Такая ініцыятыва падтрымлівае дзяржаўную палітыку па фарміраванні інклюзіўнага грамадства. Паводле яго слоў, далей прэмія будзе пашыраць спектр кірункаў, у якіх працуюць намінанты. І ўжо зараз заснавальнікі разглядаюць прэтэндэнтаў на прэмію 2020 года – 9 праектаў у сферы тэатра і кіно, музыкі і літаратуры, жывапісу і фатаграфіі. Гэтыя праекты былі таксама прадстаўлены на прэс-канферэнцыі.