Шаноўныя сябры!

Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” вітае сваіх чытачоў і аўтараў у новым годзе! Традыцыйна самая напружаная праца над першым нумарам нашага выдання прыпадае на асаблівы час, калі ўвесь свет жыве ў чаканні Каляднай зоркі. У атмасферы радаснага прадчування мы не толькі плануем ідэйна-зместавае напаўненне часопіса на ўвесь год, але і імкнемся абнавіць яго, каб натхніць кожнага чытача. Вось чаму так не церпіцца падзяліцца з вамі задумамі на 2020-ы, праанансаваць падрыхтаваныя матэрыялы, паведаміць пра новыя праекты. Спадзяемся, наша “Роднае слова” стане для вас карысным і творчым падарункам. 


Гэты год багаты на яркія юбілеі і памятныя даты слынных творцаў Беларусі. Ужо ў студзеньскім нумары вы зможаце пазнаёміцца з мінскімі шляхамі паэта Міколы Аўрамчыка, чыё стагоддзе адзначаецца ў гэтым месяцы, а таксама паразважаць над раманнай серыяй пра гістарычнае мінулае Леаніда Дайнекі, якому споўнілася б 80. Далей вас чакаюць падборкі матэрыялаў, прысвечаных Уладзіміру Дубоўку, Кузьму Чорнаму, Андрэю Макаёнку, Уладзіміру Караткевічу, Рыгору Барадуліну ды іншым. 


А яшчэ 2020 год адметны знакавай у культурным жыцці Беларусі падзеяй – 100-годдзем Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якому прысвечаны спецыяльны праект часопіса. Яго аўтарамі стануць тэатразнаўцы, літаратары, журналісты, музеязнаўцы і педагогі, якія не толькі распавядуць пра гісторыю, традыцыі і сучаснасць найстарэйшага тэатра краіны, але і пакажуць яго значнасць для нашай культуры праз сувязь са знакамітымі асобамі беларускага мастацтва. Цыкл юбілейных публікацый распачынае Вольга Бабкова, загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі тэатра, вядомы гісторык і архівіст. У экскурсіі па закуліссі Купалаўскага яна правядзе нас па легендарным будынку, падзеліцца яго сакрэтамі, пазнаёміць з вядомымі артыстамі і тымі адмыслоўцамі тэатральнай справы, якіх глядач звычайна не бачыць. Далучайцеся, будзе цікава!


Правядзенне навукова-даследчых і творчых конкурсаў сярод навучэнцаў краіны – добрая традыцыя нашага часопіса. На гэты раз у межах згаданага праекта сумесна з Купалаўскім тэатрам мы абвясцілі конкурс вучнёўскіх рэцэнзій “Я – тэатрал!”. З Палажэннем аб конкурсе можна пазнаёміцца на сайце “Роднага слова”. 
У клопатах пра новыя праекты мы не забываемся на традыцыі часопіса, сярод якіх – публікацыя актуальных навуковых даследаванняў у галіне літаратуразнаўства, мовазнаўства, мастацтвазнаўства і педагогікі, а таксама матэрыялаў для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, тэматычнага кантролю, прадметных алімпіяд. Каб заахвоціць нашых аўтараў-настаўнікаў, у канцы года пры дапамозе аўтарытэтнага журы і чытачоў мы выберам найлепшыя метадычныя публікацыі, надрукаваныя ў часопісе ў 2020 г., у намінацыях: распрацоўка ўрока па беларускай мове, беларускай літаратуры, пазакласнага мерапрыемства. Будзем удзячныя чытачам за водгукі: абавязкова пішыце нам, якія матэрыялы вашых калег найбольш спадабаліся, былі карыснымі і дапамаглі ў працы.
Да новых сустрэч на нашых старонках, сябры!


З павагай, Наталля ШАПРАН.