Асабісты кабінет

28 кастрычніка 2019 г. у рэдакцыі часопіса “Роднае слова” адбылася творчая сустрэча літаратараў, удзельнікаў міжнароднага літаратурнага праекта “Літаратура без межаў”. Гэты праект аб’яднаў пісьменнікаў трох краін: Рэспублікі Беларусь, Дзяржавы Ізраіль і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Вікторыя Левіна – адзін з самых вядомых творцаў Ізраіля, сябра літаб’яднання Рышон ле-Цыёна, некалькіх расійскіх і міжнародных саюзаў пісьменнікаў. Лаўрэат конкурсу “Залатое пяро Русі – 2019”, лаўрэат КФ “Рускі Гофман – 2019”, кавалер ордэна Кірыла і Мяфодзія “за ўклад у культурныя сувязі паміж краінамі”, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Бялінскага, лаўрэат і медаліст прэміі імя Антуана дэ Сент-Экзюперы і прэміі імя Барыса Багаткова, пераможца міжнароднага фестывалю ў Ізраілі “Арфа Давіда – 2018” і многіх іншых літаратурных конкурсаў.

Нашу краіну ў праекце прадстаўляюць два вядомыя літаратары Зоя Падліпская і Сафія Ворса, кнігі якіх выдаваліся ў нашай рэдакцыі.

Зоя Падліпская – педагог, паэтэса, празаік, публіцыст, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдатнік друку Беларусі. Узнагароджана нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”, медалём Імператарскага ордэна Святой Ганны, Імператарскім ордэнам Святой Вялікапакутніцы Анастасіі Вызваліцельніцы, медалём Свяшчэннапакутніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі ІІ ступені. Лаўрэат прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Мінчанку Сафію Ворса чытачы ўжо добра ведаюць як аднаго з самых перспектыўных маладых аўтараў. Заваявала ўвагу чытачоў нашай краіны дэбютнай кнігай “Дзесяць простых гісторый” і аповесцю пра невідушчых людзей “Горад аслеплых скрыжаляў”. У свае шаснаццаць Сафія тонка адчувае свет, поўніцца ідэямі і ўвасабляе іх у жыццё. З’яўляецца членам Міжнароднага саюза пісьменнікаў імя Святых Кірыла і Мяфодзія (Шумэн, Рэспубліка Балгарыя), лаўрэат прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Мінгарвыканкама 2019 г., пераможца літаратурнага конкурсу “Новыя імёны” (Рэспубліка Балгарыя, 2018 г.), лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу “Славянскае слова” (Варна, Рэспубліка Балгарыя, 2018 г.).

Лара Продан – пісьменніца з ЗША. Чалавек-касмапаліт, яна нарадзілася ва Узбекістане, вучылася ва Украіне, у Беларусі, Казахстане. Цяпер жыве ў ЗША. Піша кнігі, працуе ў розных жанрах: сярод яе твораў і гістарычная кніга “Тонкая нітка лёсу”, і дзіцячае выданне “Як вожык вучыў Лісяня манерам”.

У межах названага праекта да канца 2019 г. плануецца выданне кнігі чатырох аўтараў “Варыяцыя на тэму чырвоных ружаў”. Чытацкую аўдыторыю чакае аповед пра глыбокія пачуцці, што, як вядома, могуць напаткаць людзей у розным узросце. Зборнік складаецца з некалькіх гісторый кахання, прадстаўленых чытачу кожным з аўтараў.