Словам паяднаныя
Гэты нумар “Роднага слова” прысвечаны 100‑годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дакладней, яго галоўнаму асяродку славеснасці, самай “гаваркой” галіне ўніверсітэцкага дрэва.
Філалагічны факультэт БДУ… Не проста знакамітае адукацыйна-навуковае ўтварэнне. Гэта культурна-гістарычная з’ява. Колькі славутых імёнаў беларускага літаратурнага мастацтва выйшла з яго сцен, колькі асноватворных асоб айчыннай філалагічнай навукі расчынялі дзверы яго аўдыторый!
Рыхтаваць гэты нумар было і ўтульна, і радасна. Гэта як вяртанне на радзіму сваёй маладосці. Як здзяйсненне неспатоленай настальгіі. Нездарма наш часопіс праз усе гады існавання знаходзіўся ў святле дзейнасці славутага філалагічнага. Публікацыі нашых сталых аўтараў-філфакаўцаў распавядаюць чытачам пра разнастайныя шляхі навуковых даследаванняў, паведамляюць пра адкрыцці, знаёмяць з першымі крокамі маладых даследчыкаў, апрабоўваюць старонкі будучых падручнікаў і дапаможнікаў. Дзякуючы гэтаму шматлікія выпускнікі філфака адчуваюць падтрымку роднай альма-матар у прафесійнай дзейнасці, а іншыя чытачы нібы трапляюць пад яе крыло і далучаюцца да здабыткаў сучаснай філалогіі.
Кожны, хто мае ў сэрцы цеплыню да роднага слова, злучаны з філалагічным факультэтам нябачнымі повязямі кніжнасці і асветы, нават калі сам пра тое не здагадваецца – праз досвед сваіх настаўнікаў, праз любімыя творы прыгожага пісьменства і руплівасць тых, хто яго даследуе. У пэўным сэнсе ўсе мы выхаванцы факультэта “любові да слова”.
Гэты нумар “Роднага слова”, па сутнасці, – спроба выяўлення ўнікальнай ролі філалагічнага факультэта БДУ ў айчыннай навуцы і культуры, сведчанне яго значнасці ды запатрабаванасці ў сучаснай гуманітарнай прасторы. А яшчэ – радасць сустрэчы. Філфак заўжды быў адлюстраваннем кожнай гістарычнай мікраэпохі. Былым яго студэнтам і выкладчыкам розных пакаленняў ёсць што ўспомніць свайго адметнага.
Традыцыйныя раздзелы часопіса змяшчаюць грунтоўныя артыкулы, падрыхтаваныя навукоўцамі філалагічнага. Між тым юбілейная нагода дазволіла ім бліжэй падступіцца да асэнсавання мінулага і сучаснага, паглядзець на сваю гісторыю праз цёплыя згадкі і дакументальныя сведчанні. Гэтыя матэрыялы склалі арыгінальны раздзел, магчыма, варты працягу ў далейшым, бо маштаб постацей, лёсам паяднаных з факультэтам, уражвае…
Няхай гэты нумар, што выйдзе напярэдадні юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, стане падарункам нашай філалагічнай супольнасці.
Наталля ШАПРАН,
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”,
выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1994 г.