23 кастрычніка 2018 года ў сталічным Доме прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Інклюзія праз творчасць” з прэзентацыяй кнігі Сафіі Ворса “Горад аслеплых скрыжаляў”, выдадзенай у рэдакцыі часопіса “Роднае слова”.
Мерапрыемства, ініцыяванае ўстановай «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”», выніковае ў творчым тыдні, прысвечаным Міжнароднаму дню белага кія.
У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел:
Галабурда Іван Іванавіч – кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь;
Падліпская Зоя Іванаўна – галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі;
Дубовік Вольга Леанідаўна – намеснік дырэктара ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна г. Мінска”;
Ланіна Ірына Генадзьеўна – загадчык аддзялення дзённага знаходжання ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна г. Мінска”;
Маслава Алена Іванаўна – кіраўнік інклюзіўнага хору “Радасць душы”;
Ворса Сафія Дзмітрыеўна – юны літаратар, пераможца міжнародных літаратурных конкурсаў, аўтар кніг “Дзесяць простых гісторый” і “Горад аслеплых скрыжаляў”.
Удзельнікамі разгледжаны пытанні падтрымкі творчай ініцыятывы айчыннай моладзі, інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку ў соцыум, інклюзіўнага патэнцыялу творчай дзейнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі і стварэння псіхалагічнага безбар’ернага асяроддзя.
Галоўнай гераіняй аповесці “Горад аслеплых скрыжаляў”, прэзентаванай падчас прэс-канферэнцыі, з’яўляецца сляпая ад нараджэння дзяўчына, якая прайшла ў жыцці праз боль і пакуты, цяжкія выпрабаванні, але засталася чыстай і светлай душою, змагла стварыць сям’ю і знайсці сваё шчасце ў жыцці.
Паказваючы ўсю складанасць чалавечых узаемаадносін, аўтар Сафія Ворса прыводзіць чытача да думкі, што на прадвызначаным лёсам шляху, шчасце чалавека залежыць ад яго самога, а значыць, людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць таксама паўнавартасна жыць у грамадстве.