26 кастрычніка 2018 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося падвядзенне вынікаў II Міжнароднага сеткавага праекта «ЧтениеPRoДвижение».

Мэта мерапрыемства – развіццё чытацкай культуры пры дапамозе фарміравання матывацыі і ўстойлівай цікавасці да чытання, пашырэнне чытацкага кругагляду, стымуляванне асобаснага і інтэлектуальнага развіцця на аснове выкарыстання магчымасцей сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя.

Праца праекта, працягнутая ў фармаце сесій, аб’яднала выступленні пісьменнікаў, рэдактараў часопісаў і супрацоўнікаў Нацыянальнага інстытута адукацыі па праблемах дзіцячага чытання, яго адукацыйных і выхаваўчых аспектах.

 

Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Падліпская ўдзельнічала ў працы другой сесіі, дзе абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца сучасных фарматаў кніжных выданняў і літаратурных інтэрнэт-праектаў. Мадэратарам выступіў Уладзімір Анатольевіч Капцаў, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На сесіі актыўна працавалі Віктар Шніп, пісьменнік, перакладчык, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”; паэт Леанід Дранько-Майсюк; Раіса Баравікова, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

У ходзе работы сесіі паэт, перакладчык, публіцыст, галоўны рэдактар Зоя Падліпская азнаёміла прысутных з выдавецкімі праектамі “Роднага слова”, а таксама прадставіла ўдзельнікам новы праект часопіса па выданні кніг юных аўтараў, накіраваны на падтрымку творчай ініцыятывы айчыннай моладзі. Галоўны рэдактар прэзентавала кнігу юнай пісьменніцы Сафіі Ворса «Горад аслеплых скрыжаляў», выдадзеную ў кастрычніку 2018 г. у “Родным слове”, распавяла пра асаблівасці працы над перакладам гэтай кнігі на беларускую мову, пажадала Сафіі Ворса далейшых творчых поспехаў і прапанавала юным аўтарам супрацоўніцтва з “Родным словам”.

Адзначаючы важнасць гэтага мерапрыемства, удзельнікаў цёпла віталі дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Васільеўна Гінчук; намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Суша; святар Стэфан Варапай, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; Святлана Уладзіміраўна Калядка, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Аляксандр Мікалаевіч Кандракоў, прэзідэнт Міжнароднага педагагічнага клуба, член каардынацыйнай рады Міжнароднага педагагічнага таварыства «У падтрымку рускай мовы»; Алена Анатольеўна Стэльмах, пісьменнік, першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

З прэзентацыяй інтэрнэт-рэсурсу «КнiгаСвет» http://knigasvet.adu.by выступіла Гюльнара Мансураўна Юсцінская, начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі, адказны сакратар нацыянальнага адукацыйнага партала, якая пазнаёміла з новымі магчымасцямі, створанымі на рэсурсе, для адкрытага віртуальнага ўзаемадзеяння літаратурных дзеячаў і маладых пісьменнікаў, аўтараў кніг і чытачоў розных узростаў, рэдактараў часопісаў і літаратурных крытыкаў.

Актыўны ўдзел у рабоце сесій узялі пісьменнікі, навукоўцы, літаратурныя крытыкі, рэдактары выданняў, педагогі: Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастарнак, Алена Масла, Алена Мальчэўская, Маргарыта Латышкевіч, Сафія Ворса, Надзея Антонава, Алёна Беланожка, Анатоль Мацвіенка, Святлана Захарава, Анатоль Бутэвіч, Валянціна Паліканіна, Міхаіл Пазнякоў, Сяргей Клімковіч, Кацярына Цемушава, Ірына Буторына, Яўгенія Рудава, Алена Волкава, Галіна Чэпелева, Юлія Сушынская, Ала Гурык, Таццяна Логінава.

У вочным этапе праекта «ЧтениеPRoДвижение» ўдзельнічалі больш за 150 навучэнцаў I – XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, іх законныя прадстаўнікі, педагогі, даследчыкі, усе зацікаўленыя.

У межах праекта была арганізавана выстава кніг і дзіцячых творчых работ «Сучасная літаратура Беларусі: “РrоСлово”», а таксама выступленні ўзорнага ансамбля старадаўняй і сучаснай музыкі «Brevis» (мастацкі кіраўнік Павел Сурагін) і адзінага ў Беларусі інклюзіўнага хору «Радасць душы» (кіраўнік хору – Алена Маслава).

На завяршэнне мерапрыемства адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў II Міжнароднага сеткавага праекта «ЧтениеPRoДвижение».

 

Больш фотаздымкаў