Асабісты кабінет

 

Анансуючы новы праект

Бясследна нішто не міне,

Гісторыя слова адродзіць.

Ты – мост,

Па якім да мяне

Мінуўшчына ў госці прыходзіць…

Гэтыя радкі Петруся Макаля з верша “Кніга” могуць паслужыць своеасаблівым эпіграфам да новага праекта “Роднага слова”, які рэдакцыя прэзентуе ў 2021 г. супольна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

“Музейны квартал” – назва нашай перыя­дычнай рубрыкі, якая існавала ў часопісе ад самага пачатку і знаёміла з музейнымі цікавост­камі. Сёння яна набывае новы пашыраны фармат, каб стаць яшчэ адной адмысловай сцяжынкай у свет айчыннага прыгожага пісьменства, па якой, спадзяемся, цэлы год будзе крочыць наш дапытлівы чытач.

Літаратурныя музеі – гэта грандыёзныя сістэматызаваныя сховішчы дакументаў, мастацкіх твораў як артэфактаў літаратурнага працэсу, гэта матэрыялізаванае рэха стагоддзяў, без якога страчваецца мінуўшчына і не існуе будучыні. Яны знітоўваюць непарыўнай повяззю гады і стагоддзі, а разам з імі літаратурныя, мастацкія ці навуковыя школы і асобных творцаў, адначасна выяўляючы арганічную паўнавартасную карціну еднасці і пераемнасці.

Музеі фіксуюць эпоху, ствараюць яе аб’ёмны паўнакроўны партрэт.

Кожны літаратурны музей не толькі сімвалізуе, але і практычна ўвасабляе той цэльны свет нацыянальнай кніжнай культуры, дзе гарманічна суіснуюць разнастайныя віды і жанры мастацтва, гісторыя робіцца здабыткам сучаснасці, а духоўныя каштоўнасці мінулага пераўвасабляюцца ў каштоўнасці новага часу. У гэтым свеце ўсё паяднана: сюжэты літаратуры адлюстроўваюцца ў жывапісных палотнах і оперных лібрэта, літаратурна-мастацкія выявы перадаюць дух часу і творчае крэда іх аўтараў, чытачы пазнаюць сябе ў героях класікі, якія паўставалі ў варунках лёсаў сваіх творцаў…

Свет беларускай кніжнасці ўтульны і блізкі. Магчыма, ён зробіцца яшчэ бліжэйшым для тых, хто разам з намі стане госцем метафарычнага музейнага квартала – асяродка аматараў і знаўцаў беларускай літаратуры і яе скарбніцы.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры – адзін з найбуйнейшых літаратурных музеяў нашай краіны – займаецца дакументаваннем літаратурных падзей у шырокім гістарычным кантэксце: ад часоў узнікнення пісьменства да нашых дзён. У яго зборах захоўваюцца ўнікальныя выданні старадрукаваных помнікаў ХVІІ–ХVІІІ стст., рукапісы, дакументы, фотаздымкі і асабістыя рэчы пісьменнікаў, кнігі з аўтографамі, рэдкія адзінкі іканаграфіі ды ілюстрацыі вядомых мастакоў да літаратурных твораў.

Сёлета 30 гадоў, як Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прымае наведвальнікаў, – вартая нагода, каб пашырыць іх кола праз старонкі нашага выдання і “наведаць” яго філіялы: Літаратурны музей Петруся Броўкі, Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, музеі-сядзібы Францішка Багушэвіча “Кушляны” і Міцкевічаў “Завоссе”, Музей-дачу Васіля Быкава, а таксама пазнаёміцца з гісторыяй і фондамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, чыё 130-годдзе будзе святкавацца ў снежні.

Увогуле, гэты год шчодра адзначаны шматлікімі юбілейнымі і памятнымі датамі, таму разам з аўтарамі “Музейнага квартала” мы па-новаму паглядзім на творчыя лёсы літаратараў-юбіляраў, убачым рарытэтныя экспанаты, атрымаем эксклюзіўныя сведчанні пра іх уладальнікаў, даведаемся пра ўнікальныя знаходкі і нечаканыя адкрыцці.

Аднак якое жыццё без сяброў? Вось і мы ў “Му­зейным квартале” маем намер надалей знаё­міць вас з гісторыяй і дзейнасцю іншых беларускіх літаратурных музеяў, якія, шчыра спадзяемся, таксама стануць гасцямі нашага праекта. У прыватнасці, не пазбегнуць нашай з вамі ўвагі такія “аўтаномныя” скарбніцы, як Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Такім чынам, наперадзе нас чакае займальная вандроўка па абсягах айчыннай літаратуры, цікавае падарожжа ў беларускіх прасторы і часе.

Наталля ШАПРАН