Самую дзіцячую пару – лета – часопіс “Роднае слова” сустрэў прэзентацыяй публікацый, якія выйшлі ў майскім нумары-альманаху, прымеркаваным да 140-годдзя дзіцячага беларускага пісьменніка Янкі Маўра.
На круглым стале “Яго свет належыць дзецям”, што прайшоў у межах Фестывалю дзіцячай кнігі “Міхасёвы прыгоды” ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і быў прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей, ішла гаворка пра матэрыялы нумара, якія выяўляюць актуальны педагагічна-выхаваўчы патэнцыял твораў пісьменніка і іх увасаблення ў іншых відах мастацтва, разглядаюць стратэгіі асэнсаванага чытання як важны складнік выхавання асобы і яе сацыялізацыі, прапануюць сучасныя формы працы з дзецьмі (інтэлектуальныя гульні, літаратурныя квэсты і інш.).
На пачатку мерапрыемства да ўдзельнікаў круглага стала звярнулася дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музеі Якуба Коласа Ірына Уладзіміраўна Мацяс.
Галоўны рэдактар часопіса Наталля Мікалаеўна Шапран падзялілася з удзельнікамі круглага стала “творчай кухняй” падрыхтоўкі тэматычнага нумара і акрэсліла яго канцэптуальнае адрозненне ад папярэдніх альманахаў “Роднага слова”. Напрыклад, ён вызначаецца матэрыяламі, што ўзнаўляюць гісторыка-культурны кантэкст, у якім з’яўляліся творы Янкі Маўра, акцэнтуюць увагу на асаблівасцях іх выкарыстання ў сучасным выхаваўчым працэсе, далучэнні дзяцей да нацыянальных каштоўнасцей.
Невыпадкова спікерамі круглага стала сталі аўтары, чые артыкулы ўвасобілі названую тэматыку нумара-альманаха. Начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА Вячаслаў Іванавіч Караткевіч у сваім выступленні звярнуў увагу на патэнцыял твораў пісьменніка ў фарміраванні чытацкай пісьменнасці, падкрэсліў ролю асэнсаванага чытання ў станаўленні сістэмы маральна-этычных поглядаў асобы, прывёў прыклады стратэгій чытання, якія можна выкарыстаць на ўроках літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці пры вывучэнні апавяданняў Янкі Маўра. Вячаслаў Іванавіч звярнуўся таксама да паняцця эмацыйнага інтэлекту, важнасці яго развіцця ў сучасных дзяцей, у тым ліку сродкамі мастацкай літаратуры, напрыклад апавядання “Слёзы Тубі” Я. Маўра.
Прастора дзіцячага выхавання ў сям’і і навучальных установах пашыраецца культурна-асветніцкай працай музеяў, бібліятэк, СМІ, якія сёння імкнуцца рэалізоўваць самыя розныя фарматы ўзаемадзеяння з дзіцячай аўдыторыяй. Дарэчы, гэтая традыцыя пачала фарміравацца яшчэ ў мінулым стагоддзі.
На гэта звярнуў увагу і дырэктар канала “Культура” Беларускага радыё, кандыдат мастацтвазнаўства Уладзімір Анатольевіч Трапянок. Ён даследуе станаўленне і развіццё дзіцячага радыётэатра, на якім выхоўвалася не адно пакаленне беларусаў. Інсцэніроўкі твораў Янкі Маўра ўваходзяць у залаты фонд Беларускага радыё. А сёлета яны могуць загучаць галасамі сучаснікаў: канал “Культура” абвясціў конкурс чытальнікаў “Белая птушка”, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння класіка дзіцячай літаратуры і 95-годдзю яго аповесці “Сын вады”. На падставе найлепшых запісаў будзе падрыхтаваны радыёсерыял “Сын вады”.
У круглым стале “Яго свет належыць дзецям” узяла ўдзел унучка Янкі Маўра – Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, таксама аўтар роднасловаўскага нумара-альманаха. Яна засведчыла, што Янка Маўр не толькі вельмі любіў радыё і разумеў яго важнасць у выхаванні, але і сам быў вядучым радыёпраграмы, прысвечанай мове эсперанта. Марыя Міхайлаўна падзякавала рэдакцыі часопіса за падрыхтаваны тэматычны нумар і магчымасць падзяліцца з яго чытачамі новымі матэрыяламі.
Удзельнікі круглага стала маглі пазнаёміцца з відэапрэзентацыяй усяго нумара-альманаха “Роднага слова”, дзе найбольш зацікавіліся фотавыявамі, што друкуюцца ўпершыню.