Асабісты кабінет

21 чэрвеня 2018 года галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Падліпская прыняла ўдзел у пасяджэнні Рэспубліканскага круглага стала “Адлюстраванне сучаснай Беларусі ў мастацкай літаратуры”, які быў арганізаваны Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

У рабоце круглага стала, прымеркаванага да  90-годдзя НАН Беларусі, бралі ўдзел літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, пісьменнікі, гісторыкі, краязнаўцы, культуролагі, супрацоўнікі музеяў.

Паколькі нацыянальная літаратура з’яўляецца адлюстраваннем менталітэту, культурнай адметнасці, асаблівасцей грамадскага жыцця і гістарычнага шляху беларускага народа, у Год малой радзімы адно з найбольш актуальных пытанняў сучаснасці, якое хвалюе прадстаўнікоў гуманітарнай навукі, – фарміраванне нацыянальнай свядомасці і любові да сваёй краіны на аснове мастацкіх твораў.

Падчас сустрэчы абмеркаваны надзённыя пытанні ў літаратурна-мастацкім адлюстраванні творцаў, сучасны стан гуманітарнай навукі і культуры, зберажэнне роднай мовы як асновы нацыянальнай культуры і літаратуры, выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры канца ХХ – пачатку ХХІ стст.; асэнсаваны перспектывы далейшага развіцця айчыннай мастацкай літаратуры.