Асабісты кабінет

14 красавіка 2021 года рэдакцыя часопіса “Роднае слова” наведала філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максімам Танка. Адгукнуўшыся на запрашэнне дацэнта кафедры беларускай і замежнай літаратуры Наталлі Віктараўны Заяц, мы сталі гасцямі трэцяга курса філфака БДПУ і ўдзельнікаў СНДЛ “Літаратура: погляд маладых”.  


Падчас сустрэчы супрацоўнікі рэдакцыі на чале з галоўным рэдактарам Наталляй Шапран распавялі пра гісторыю навукова-метадычнага выдання, пазнаёмілі з яго сучаснай канцэпцыяй, падзяліліся сакрэтамі падрыхтоўкі нумароў. Акрамя гэтага, рэдактары аддзелаў Крысціна Пучынская, Ларыса Сагановіч, Вольга Крукоўская прадставілі рубрыкі, падрыхтоўкай якіх займаюцца, расказалі пра іх напаўненне і магчымасці выкарыстання матэрыялаў будучымі настаўнікамі – на ўроках, на пазакласных мерапрыемствах, падчас падрыхтоўкі да алімпіяд. Словы выступоўцаў ілюстраваліся змястоўнай і насычанай прэзентацыяй, за якую адказваў тэхнічны рэдактар Канстанцін Лісецкі.


Вёў імпрэзу дэкан філалагічнага факультэта прафесар Васіль Старычонак. Сталы аўтар “Роднага слова”, ён падзяліўся яркімі ўспамінамі, звязанымі з часопісам. На сустрэчы з рэдакцый прысутнічалі іншыя яго аўтары: загадчыкі кафедр і выкладчыкі факультэта. Загадчыца кафедры замежных моў Вольга Шыманская ў якасці падзякі гасцям выканала некалькі ўласных песень.