Калектыў рэдакцыі глыбока смуткуе з прычыны заўчаснай смерці намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова” Марыі Антонаўны Кныш і выказвае шчырае спачуванне сынам Антону і Віталію, а  таксама ўсім родным і блізкім памерлай.

26 мая 2019 г. мы развіталіся з таленавітым педагогам, цудоўным, светлым чалавекам, надзейным сябрам, клапатлівай маці, дасведчаным рэдактарам  – нашай дарагой Марыяй Антонаўнай. Немагчыма словамі выказаць невыносны боль і неймаверны сум ад страты. Добразычлівая, шчырая, пазітыўная, прынцыповая, сумленная, цярплівая, адказная, прыгожая душою і знешне жанчына, мудры і  тактоўны кіраўнік – такой яна застанецца ў нашай памяці.

Марыя Антонаўна Кныш закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1979) і аспірантуру пры БДУ (1996). Аўтар артыкулаў, прысвечаных педагагічным тэхналогіям і аналізу сучаснага ўрока. Працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдніх школах г. Мінска, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ № 8; старшым выкладчыкам падрыхтоўчага аддзялення БДУ; дацэнтам кафедры педагогікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, метадыст вышэйшай катэгорыі. З 2010 г. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова”.

За працоўную дзейнасць была ўзнагароджана шматлікімі граматамі, сярод якіх: Ганаровая грамата камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама (2005), Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2007), Грамата Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі (2008), Ганаровыя граматы ўстановы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”» (2013, 2018), Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2018) і інш.

Пералік узнагарод можна доўжыць і доўжыць… І ўсё ж галоўная ўзнагарода жыцця Марыі Антонаўны Кныш, на нашу думку, ­– два добра выхаваныя сыны, адзін з іх, Антон Сямёнавіч, годна працягвае настаўніцкую дынастыю, працуючы намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры СШ № 125 г. Мінска; дзве прыгажуні ўнучкі, якія вельмі любілі і шанавалі сваю бабулю; яе верныя сябры і калегі, удзячныя настаўнікі, якім давялося вучыцца ў Марыі Антонаўны і павышаць сваё прафесійнае майстэрства на курсах Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, дзе яна чытала лекцыі і праводзіла практычныя заняткі.  А яшчэ – удзячная светлая памяць супрацоўнікаў рэдакцыі часопіса “Роднае слова”, служэнню якому яна аддала дзесяць гадоў жыцця, да апошніх сваіх дзён клапоцячыся пра часопіс: шчыравала, падтрымлівала, абараняла і верыла ў лепшае…

Зоя ПАДЛІПСКАЯ і калектыў рэдакцыі часопіса “Роднае слова”.