Асабісты кабінет

23 лютага 2018 г., у Дзень абаронцы Айчыны, што надавала яшчэ большую ўрачыстасць і адказнасць, адзначалася свята роднай мовы ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, куды былі запрошаны супрацоўнікі рэдакцыі часопіса “Роднае слова”.

У свяце ўдзельнічалі курсанты акадэміі, а таксама загадчык кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС, выкладчык замежнай мовы Святлана Сяргееўна Дзянісава; намеснік загадчыка названай кафедры, выкладчык замежнай мовы, палкоўнік міліцыі Таццяна Міхайлаўна Катцова; выкладчык замежнай мовы, падпалкоўнік міліцыі Іван Рыгоравіч Тураў; выкладчык нямецкай і французскай моў Алена Мікалаеўна Молчан.

Праводзіла свята роднай мовы доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС Валянціна Канстанцінаўна Мароз, адзін са сталых аўтараў нашага часопіса.

Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Падліпская пазнаёміла прысутных з выданнем, адзначыла яго адметнасць і сацыяльную значнасць, распавяла пра асаблівасці працы па стварэнні навуковага і метадычнага часопіса, а таксама звярнула ўвагу на асаблівы клопат курсантаў як абаронцаў краіны пра захаванне агульначалавечых каштоўнасцей, сярод якіх родная зямля, мова і культура свайго народа.

Член рэдкалегіі часопіса “Роднае слова”, рэдактар аддзела “Мовы рысы непаўторныя”  Ларыса Сагановіч, а таксама рэдактар аддзела “Літаратура і час” Крысціна Пучынская і адказны сакратар часопіса Вольга Барздова адзначылі важнасць правядзення агульнасусветнага свята роднай мовы, звярнулі ўвагу на мэты правядзення гэтага свята і пазнаёмілі прысутных са зместавым напаўненнем раздзелаў часопіса.

Падчас свята гучалі патрыятычныя і лірычныя вершы Зоі Падліпскай; творы Кандрата Крапівы ў выкананні курсанта Аляксандра Мялешкі; песні, прысвечаныя роднай мове, і вершы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні курсанта Аляксея Вішнеўскага.

Урачыстая сустрэча, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, адбылася ў шчырай атмасферы цеплыні і павагі прысутных да роднасловаўцаў і роднага слова, нацыянальнай культуры, а таксама ў зацікаўленасці далейшай сумеснай працы па зберажэнні і развіцці роднай мовы.

Глядзіце больш фатаздымкаў