Асабісты кабінет

Тыдзень роднай мовы, насычаны шматлікімі мерапрыемствамі і сустрэчамі, закончыўся ўдзелам “Роднага слова” ў прэс-канферэнцыі “Роля мастацкага перакладу ў міжкультурным дыялогу. Сумесныя праекты пісьменнікаў ЗША, Ізраіля і Беларусі”. У межах прэс-канферэнцыі адбылася прэзентацыя кнігі-анталогіі “Update” Сафіі Ворсы (Беларусь), Лары Продан (ЗША), Зоі Падліпскай (Беларусь) і Вікторыі Левінай (Ізраіль). Прэзентаваны зборнік прозы – міжнародны кніжны праект, які склалі некалькі гісторый, прысвечаных самаму важнаму пачуццю любові.

Аўтары выдання падзяліліся гісторыяй стварэння анталогіі і ўласным поглядам на яе галоўную тэму. Так, адзін з аўтараў кнігі, а таксама яе перакладчыца на беларускую мову, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Зоя Падліпская  адзначыла:

– Сучасная літаратура імкнецца да сінтэзу, спалучэння розных форм, жанраў і стыляў. Але тэма кахання цікавіць пісьменнікаў у любы час. Прадметам даследавання мы бралі не толькі каханне паміж мужчынам і жанчынай, але і любоў у шырокім сэнсе гэтага слова. Любоў і павага да самога сябе, да сваіх блізкіх, да родных каранёў і сваіх продкаў. Пісьменнік – гэта сувязны ў культурнай прасторы паміж краінамі і народамі. Разам працаваўшы, мы адчулі гэта на сабе. Мы прыйшлі да высновы, што любоў і павага найперш да самога сябе, сяброўства і павага – гэта асноўныя стваральныя сілы, якія дазваляюць кожнаму сцвердзіць сябе чалавекам і быць шчаслівым. А шчаслівы чалавек – гэта шчаслівая сям’я і шчаслівае грамадства.

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў падкрэсліў значнасць міжнароднага выдання:

– Пад адной вокладкай аб’яднаны прадстаўнікі розных краін і розных пакаленняў, і сярод іх шаснаццацігадовы аўтар, што пакідае нам надзею на тое, што беларуская мова будзе жыць і развівацца. У кожнага аўтара свой досвед, але ўсе яны працуюць з вельмі тонкай матэрыяй – каханнем і любоўю. З’яўленне гэтай кнігі – падзея, але двайная падзея ў тым, што яна выйшла на беларускай мове.

Начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь” Вячаслаў Караткевіч вызначыў ролю перакладной літаратуры і ў прыватнасці праекта “Update”:

– З’яўленне перакладной літаратуры – гэта важны крок у развіцці нацыянальнай літаратуры. Менавіта са з’яўленнем перакладаў іншамоўных літаратур мы назіраем выбух у развіцці і нацыянальнай літаратуры. Мы імкнёмся вывучаць нацыянальную літаратуру ў кантэксце сусветнай, і вельмі часта ёсць праблема, калі твор добры, а перакладу няма. “Update” – цікавы праект і для школьнікаў, і для дарослых.

Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран звярнула ўвагу на важнасць прэзентаванай кнігі ў святле Міжнароднага дня роднай мовы, што шырока адзначаецца ў свеце:

– Гэты дзень прызваны звярнуць увагу на праблемы роднай мовы. Карыстальнікі беларускай мовы падчас перакладу вельмі часта звяртаюцца да інтэрнэт-сэрвісаў. Гэта эканоміць час, але прыводзіць да памылак, якія замацоўваюцца ў свядомасці як норма. Вось чаму выданне “Update” – сапраўдны ўнёсак у скарбніцу правільнай беларускай мовы.

Кніга “Update”, якую можна набыць у “Акадэмкнізе”,  разлічана на шырокае кола чытачоў, будзе цікавай як дарослым, так і падлеткам.