Асабісты кабінет

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол “Роля мастацкага перакладу ў міжкультурным дыялогу”, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы.

Падчас круглага стала адбылася прэзентацыя кнігі на беларускай мове “Update”, якую склалі творы Сафіі Ворсы (Беларусь), Лары Продан (ЗША), Зоі Падліпскай (Беларусь) і Вікторыі Левінай (Ізраіль). Зборнік прозы “Update” – міжнародны кніжны праект. Пісьменніцы замежжа Вікторыя Левіна і Лара Продан атрымалі магчымасць упершыню быць пачутымі беларускамоўным чытачом, а нашы сучасныя аўтары з Мінска Зоя Падліпская і Сафія Ворса – далучыцца да гэтага сумоўя.

Удзельнікі круглага стала, мадэратарам якога стаў акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец, закранулі тэарэтычныя пытанні мастацкага перакладу, разгледзелі вартасці перастварэння на беларускую мову прэзентаванай кнігі і далі яму высокую прафесійную ацэнку. Пераклад быў выкананы адным з аўтараў выдання – Зояй Падліпскай, вядомай беларускай паэтэсай, празаікам, публіцыстам. На працягу дзесяці гадоў Зоя Іванаўна была галоўным рэдактарам “Роднага слова” (2009–2019), а творчая праца над кніжным праектам “Update” пачыналася ў сценах менавіта нашай рэдакцыі.