Асабісты кабінет

Тры дні з 1-га да 3-га верасня 2017 г. гасцінны старажытны Полацк сустракаў  удзельнікаў свята Дня беларускага  пісьменства. У год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама 1155-годдзя самога Полацка лепшага месца для правядзення святочных мерапрыемстваў проста немагчыма ўявіць. Прынялі ўдзел у мерапрыемствах і супрацоўнікі рэдакцыі.

Дзень пісьменства адзначаўся вельмі масштабна. Святочныя пляцоўкі размесціліся на дзесяцікіламетровай тэрыторыі. Музыкай і калакольным звонам старажытных храмаў сустракаў Полацк гасцей і ўдзельнікаў. Канцэрты на шматлікіх пляцоўках, творчыя конкурсы, фестываль кнігі і прэсы, фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, свята сярэдневечнай культуры “Рубон”, спартыўныя мерапрыемствы, фэст беларускай кухні і прадукцыі айчынных прадпрыемстваў, “Горад майстроў” Прыдзвіння, тэатралізаванае прадстаўленне і лазернае шоу – усё гэта стварыла незабыўную цёплую чароўную атмасферу ўсенароднага свята, свята духоўнасці, асветы і культуры. 

У рамках фестывалю кнігі і прэсы ў павільёнах традыцыйна былі арганізаваны кніжныя выставы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, пісьменнікам-юбілярам Янку Купалу і Якубу Коласу, прадстаўлены кнігі – пераможцы міжнароднага і нацыянальнага конкурсаў “Мастацтва кнігі”. Таксама прайшлі прэзентацыі кніг і выдавецтваў, газет і часопісаў, выступленні творчых калектываў.

Традыцыя адкрыцця новых помнікаў падчас святкавання Дня беларускага пісьменства працягнулася і сёлета. 2 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці” (аўтар – скульптар Уладзімір Піпін). Бронзавы помнік вышынёю пяць з паловай метраў нагадвае ладдзю са шчытоў. На іх знаходзяцца партрэты знакамітых гістарычных асобаў – ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да Усяслава Чарадзея і асветніцы Еўфрасінні Полацкай. На адваротным баку скульптуры размешчаны ключавыя падзеі станаўлення нашай дзяржаўнасці.

Свята завяршылася. Але цёплыя ўражанні ад гасціннасці, добразычлівасці палачан застануцца надоўга. Таму ўсім, хто яшчэ не быў у Полацку, раім наведаць гэты цудоўны горад, пазнаёміцца з яго гісторыяй.

Больш падрабязную інфармацыю пра свята чытайце ў № 9 часопіса “Роднае слова”, які выйдзе пасля 20 верасня.

 

Усе фатаздымкі глядзіце тут