Асабісты кабінет

Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” працягвае сачыць за творчым лёсам Сафіі Ворса, аўтарам кніг, выдадзеных у нашай рэдакцыі: “Дзесяць простых гісторый” (на беларускай, рускай, японскай мовах)  і “Горад аслеплых скрыжаляў”(на беларускай і рускай мовах) у межах праекта па рабоце з адоранай моладдзю.

Нядаўна ў газеце “Переходный возраст” у рубрыцы “Чыталка” выйшаў артыкул Дар’і Махсумавай “Любовь в переплёте”, дзе аўтар дзеліцца з чытачамі цікавай гісторыяй знаёмства трох жанчын-творцаў, прадстаўнікоў  розных пакаленняў.

Знаёмства іх адбылося ў сонечнай Балгарыі, дзе пісьменніцы Лара Продан (ЗША), Вікторыя Левіна (Ізраіль) і Сафія Ворса (Беларусь)  сустрэліся ў маі 2019 года на Міжнародным літаратурным конкурсе “Славянское слово”. Сустрэча аказалася даволі плённай – адразу быў прыдуманы сумесны творчы праект.

– Мы творчыя людзі. А творчасць не ведае часавых і ўзроставых межаў, – усміхаецца Лара.

– Я вельмі натхнілася знаёмствам са старэйшымі калегамі. Цяпер хочацца працаваць яшчэ больш, – дзеліцца ўражаннямі Сафія.

Праз месяц лёс звёў іх зноў у Мінску на Міжнародным літаратурным фестывалі “Славянская лира”. Надарылася магчымасць падрабязна абмеркаваць супрацоўніцтва. І хоць творцы надзвычай розныя, але яны разам.

Лара Продан – чалавек-касмапаліт. Нарадзілася ва Узбекістане, пайшла ў школу ва Украіне, скончыла ў Беларусі. Вышэйшую эканамічную адукацыю атрымала ў Казахстане. Цяпер жыве ў ЗША. Піша кнігі, працуе ў розных жанрах: сярод яе твораў і гістарычная кніга  “Тонкая нить судьбы”, і дзіцячае выданне “Как Ёжик учил Лисёнка манерам”.

Вікторыя Левіна жыла ва Украіне, Расіі, затым пераехала ў Ізраіль. Працуе ў авіяпрамысловасці, піша вершы і прозу. Яе творы аўтабіяграфічныя, да прыкладу, гісторыя пра смелую дзяўчынку з “Дома в деревне” ці кніга “Не такая”.

Мінчанку Сафію Ворса чытачы ўжо добра ведаюць: дзяўчынка з каляровымі валасамі  зацікавіла раўналеткаў дэбютам кнігі “Дзесяць простых гісторый” і канчаткова захапіла кнігай пра невідушчых людзей “Горад аслеплых скрыжаляў”.  У свае шаснаццаць Сафія тонка адчувае свет, поўніцца ідэямі і ўкараняе іх у жыццё.

Здавалася б, што можа аб’ядноўваць такіх розных людзей? Узрост, жыццёвы вопыт і нават літаратурны стыль адыходзяць на другі план, калі на першым… каханне.

Восенню інтэрнацыянальнае трыа плануе выпусціць кнігу “Три истории любви” (пераклад на беларускую мову Зоі Падліпскай). Чытацкую аўдыторыю чакае аповед пра сапраўднае глыбокае пачуццё, якое, як вядома, можна адчуваць у розным узросце.

Зборнік будзе складацца з трох аповесцей, кожная з якіх самастойная і падрыхтаваная асобным аўтарам.

Лара Продан раскрывае гісторыю жанчыны, якая змагла пранесці светлыя пачуцці праз усё жыццё. Вікторыя Левіна распавядае пра лёс усходніх яўрэяў, якія страцілі не толькі радзіму, але і ўнутраныя арыенціры. Сафія Ворса ўздымае незвычайную тэму – юны аўтар гаворыць пра адносіны… з самою сабой.

– Спачатку трэба навучыцца любіць і паважаць сябе, тады зможаш быць карысным іншым людзям, – упэўнена Сафія.

Агульнае ва ўсіх аповесцях адно – глыбокія сапраўдныя пачуцці.

Гэты сумесны праект будзе цікавы як дарослым, так і падлеткам.  Таму чакаем новую кнігу і жадаем аўтарам творчых поспехаў і натхнення!