Серафім Антонавіч Андраюк

Серафім Антонавіч Андраюк – крытык, літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1966). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Крываносаўскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна (1957 – 1962), навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН Беларусі (1966 – 1981), галоўным рэдактарам (з 1981 г.) і дырэктарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1993 – 1997). Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН Беларусі (1999 – 2008). Даследуе сучасную беларускую літаратуру. Аўтар манаграфій і зборнікаў артыкулаў "Жыццё. Літаратура. Героі" (1973), "Вывяраючы жыццём" (1976), "Традыцыі і сучаснасць" (1981), "Жыць чалавекам" (1983, Літаратурная прэмія імя Івана Мележа за 1984 г.),"Чалавек на зямлі: Нарыс творчасці Івана Пташнікава" (1988), "А жыццё – вышэй за ўсё" (1992), "Пісьменнікі. Кнігі" (1997). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1994).

 

Юрый Міхайлавіч Бабіч

Юрый Міхайлавіч Бабіч – даследчык мовы.Кандыдат філалагічных навук (1999). Закончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1990), аспірантуру пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава (1995). Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ. Аўтар манаграфіі “Колеравая і светлавая эстэтыка ў мове твораў Якуба Коласа” (2002), шэрагу іншых навуковых прац па праблеме колераабазначэння ў мастацкім тэксце.

 

Алена Міхайлаўна Багамолава

Алена Міхайлаўна Багамолава – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1995). Прафесар кафедры філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Аўтар манаграфіі "Дэрывацыя і функцыя экспрэсіўных прыметнікаў у мове народна-паэтычных твораў" (2005), навучальных дапаможнікаў "Практычная стылістыка"(1996), "Функцыянальная стылістыка" (2003), "Беларуская мова і чытанне: Інтэграваны курс" (у суаўтарстве, 2004), "Культура мовы" (у суаўтарстве, 2006), а таксама шэрагу навуковых артыкулаў.

 

Алесь Іванавіч Бельскі

Алесь Іванавіч Бельскі – літаратуразнаўца, крытык, педагог. Доктар філалагічных навук (1998), прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2002). Аўтар кніг “Пакуль баліць душа” (1995), “Жывая мова краявідаў” (1997), “Сучасная беларуская літаратура” (1997), “Свет ад травы да зор” (1998), “Краса і смутак” (2000), “Сучасная літаратура Беларусі” (2000), “Экалогія душы” (2003), “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: гісторыя і сучаснасць” (2005), “Класікі і сучаснікі ў школе” (2005), “Галасы і вобразы” (2008), звыш 400 публікацый у друку. Адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (2003, т. 4, кн. 2), вучэбных дапаможнікаў “Беларуская літаратура: ХI – ХХ стст.” (1999, 2-е выд. – 2001), “Беларуская літаратура. 5 клас” (2002, 2003), “Беларуская дзіцячая літаратура” (2008), “Беларуская літаратура. 10 клас” (2009), “Беларуская літаратура. 11 клас” (2009) і інш. Пад псеўданімам Алесь Ветах выступае як празаік. Выдаў кнігі “Ружовая знічка” (1994), “Хроніка смутку” (1999, Літаратурная прэмія імя Івана Мележа), адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў “Карані” (1994), “Вальс пад журлівымі таполямі” (2008), “У Храме зямнога кахання” (2009).

 

Таццяна Іванаўна Вабішчэвіч

Таццяна Іванаўна Вабішчэвіч – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (2007), старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ – ХХІ стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар кнігі “Станаўленне нацыянальнай паэ­тычнай традыцыі (1900 – 1910‑я гг.): фактары, механізмы, этапы” (2009).

 

Пятро Васільевіч Васючэнка

Пятро Васільевіч Васючэнка – літаратуразнаўца, пісьменнік. Кандыдат філалагічных навук (1983). З 1984 да 1997 г. працаваў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі. З 1997 г. – загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій “Драматургія і час” (1991), “Драматургічная спадчына Янкі Купалы” (1994), “Пошукі страчанага дзяцінства” (1995), “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм” (2004), зборніка літаратурна-крытычных прац “Адлюстраванні першатвора” (2004), вучэбнага дапаможніка “Сучасная беларуская драматургія” (2000), зборнікаў прозы “Белы мурашнік” (1993), “Прыгоды аднаго губашлёпа” (1999), зборніка п’ес “Маленькі збраяносец” (1999), кніг казак “Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” (1997), “Каляровая затока” (2008), ста васьмідзесяці літаратуразнаўчых артыкулаў, рэцэнзій, эсэ.

 

Ганна Міхайлаўна Валочка

Ганна Міхайлаўна Валочка – загадчык лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Доктар педагагічных навук (2008). Аўтар манагарафіі “Тэарэтыка-метадычныя асновы развіцця звязнага маўлення вучняў на ўроках беларускай мовы: 5 – 10 класы”, аўтар і суаўтар шматлікіх вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай мове для агульнаадукацыйных устаноў: “Беларуская мова ў табліцах і схемах” (1997), “Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 7 класа” (2009), “Навучанне перакладу ў школе” (1999), “Методыка выкладання беларускай мовы: вучэбны дапаможнік для студэнтаў” (2007), “Беларуская мова: дапаможнік для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання (2010) і інш.

 

Алена Уладзіміраўна Вострыкава

Алена Уладзіміраўна Вострыкава – літаратуразнаўца, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук (1998). Дацэнт кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў “Гісторыя чэшскай літаратуры ІІ паловы ХІХ стагоддзя” (2002), “Польская і чэшская паэзія памежжа ХІХ – ХХ стагоддзяў” (у суаўтарстве з М. Хмяльніцкім; 2004), “Чэшская літаратура: вернутыя імёны” (2005), “Чэшская літаратура памежжа ХІХ – ХХ стагоддзяў” (2008), шматлікіх навуковых і навукова-метадычных публікацый.

 

Вольга Максімаўна Галай

Вольга Максімаўна Галай – даследчык моў. Кандыдат філалагічных навук. Дацэнт кафедры нямецкай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1964). Выкладала беларускую і нямецкую мовы ў школах Брэстчыны і Міншчыны. З 1969 г. – у БДУ. Аўтар шматлікіх прац па методыцы выкладання нямецкай мовы.

 

Ірына Алегаўна Гапоненка

Ірына Алегаўна Гапоненка – даследчык мовы. Доктар філалагічных навук. Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1990) і аспірантуру пры гэтай навучальнай установе (1993). Дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ. Даследуе пытанні станаўлення графіка-арфаграфічнай, лексічнай і анамастычнай сістэм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

 

Віктар Вячаслававіч Жыбуль

Віктар Вячаслававіч Жыбуль – даследчык літаратуры. Кандыдат філалагічных навук (2003). Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000), аспірантуру пры ім (2003). Працаваў у рэдакцыях часопісаў “Першацвет”, “Роднае слова”, “Arche”. Аўтар зборнікаў паэзіі. Цяпер вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

 

 

Эмануіл Рыгоравіч Іофе

Эмануіл Рыгоравіч Іофе – гісторык, палітолаг, сацыёлаг, культуролаг, літаратуразнаўца, педагог, доктар гістарычных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцяў. Прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Аўтар каля 1800 прац, у тым ліку навуковых артыкулаў па беларускай гістарыяграфіі, гісторыі навукі і культуры, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, па гісторыі беларускіх яўрэяў. Аўтар і суаўтар 46 кніг, сярод якіх “Страницы истории евреев Беларуси” (1996), “Белорусские евреи: Трагедия и героизм. 1941 – 45” (2003), “От Мясникова до Малофеева: Кто руководил БССР” (2008), “Высшее партизанское командование Белоруссии. 1941 – 1944” (2009). Суаўтар кніг “Акадэмік У. І. Пічэта” (1981), “Асновы паліталогіі” (1991), “Канцэпцыя нацыянальна-культурнага развіцця нацыянальных меншасцяў Беларусі” (1996).

 

Віктар Іванавіч Іўчанкаў

 Віктар Іванавіч Іўчанкаў – доктар філалагічных навук, прафесар. Мовазнаўца і журналіст. З 1989 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (спачатку на пасадзе дацэнта, з 1996 г. – загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта). Аўтар больш як 250 навуковых і метадычных прац, у тым ліку сямі манаграфій. Змясціў на старонках друку больш як за 200 публіцыстычных матэрыялаў па праблемах адукацыі, навукі і выхавання. З 1990 г. актыўна друкуецца ў прэсе па праблемах правапісу ("Чырвоная змена", "Звязда", "Народная газета", "Настаўніцкая газета", "СБ. Беларусь сегодня", "Літаратура і мастацтва", "Крыніца", "Роднае слова", "Беларуская мова і літаратура", "Пачатковая школа", "Пралеска" і інш.). Займаецца даследаваннем стылістыкі беларускай і рускай моў, прысвяціў манаграфіі вывучэнню стыляў Уладзіміра Караткевіча і рускага пісьменніка Юрыя Казакова. Фундаментальная праца "Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту" паклала пачатак фарміраванню ў галінах журналістыкі і лінгвістыкі самастойнага навуковага адгалінавання – лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту. Заснавальнік на Беларусі навуковай школы дыскурснага аналізу СМІ. Член Беларускага саюза журналістаў. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь.

 

Святлана Уладзіміраўна Калядка

Святлана Уладзіміраўна Калядка – літаратуразнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1999). Закончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (1993), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1996).Цяпер старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. Аўтар манаграфіі “Непрыручаная птушка Палесся: Творчая індывідуальнасць Яўгеніі Янішчыц” (2007). Адна з аўтараў калектыўных манаграфій “Сучаснае беларускае літаратуразнаўства: Сістэма каштоўнасцей і прыярытэтаў” (2006), “Літаратура пераходнага перыяду: Тэарэтычныя асновы гісторыка-літаратурнага працэсу” (2007).

 

Алесь Аляксандравіч Каўрус

Алесь Аляксандравіч Каўрус – мовазнаўца. Кандыдат філалагічных навук (1965). Закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1959). Працаваў настаўнікам на Мядзельшчыне (1959 – 1962), старшым выкладчыкам Мазырскага педінстытута (1965 – 1968), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі (1968 – 1974), рэдактарам выдавецтва "Народная асвета" (1974 – 1981), дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (1982 – 2006). Даследуе мову мастацкай літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар больш як 250 навуковых публікацый, у тым ліку кніг "З крыніц народнай мовы" (1968), "Стылістыка беларускай мовы" (1980, 2-е выд. 1987, 3-е выд. 1992), "Культура слова" (1983), "Слова наша роднае" (1986), "Мова народа, мова пісьменніка" (1989), "Дакумент па-беларуску" (1994), суаўтар (з М. Круталевічам) навучальнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ "Стараславянская мова" (2005).

 

 

Ганна Іванаўна Кулеш

Ганна Іванаўна Кулеш – мовазнаўца. Доктар філалагічных навук. Дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыла БДУ (1977). Займаецца пытаннямі гісторыі беларускай літаратурнай мовы, лексікалогіі, культуры мовы. Аўтар больш як 90 публікацый. Суаўтар хрэстаматыі для студэнтаў філалагічных факультэтаў “Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918 –1941)”, дапаможнікаў для старшакласнікаў і абітурыентаў “Рэпетытар па беларускай мове: фанетыка, арфаэпія і правапіс” і “Рэпетытар па беларускай мове: марфалогія і правапіс”.

 

 

Наталля Пятроўна Лобань

Наталля Пятроўна Лобань – даследчык мовы. Кандыдат філалагічных навук (1996). Закончыла філалагічны факультэт (1987) і аспірантуру (1991) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Займаецца даследаваннем мовы мастацкіх твораў, семантыкі слова і яго дадатковых, канатацыйных значэнняў, а таксама пытанняў культуры маўлення.

 

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец  – мовазнаўца. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009), доктар філалагічных навук (2001), прафесар (2003). Старшыня Беларускага (з 2003 г.) і Міжнароднага (2008 – 2013) камітэтаў славістаў. Займаецца даследаваннем беларускага і славянскага словаўтварэння, праблемамі развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ХХ ст., сучаснымі працэсамі ў сістэме беларускай літаратурнай мовы, пытаннямі сацыялінгвістыкі і ўзаемадзеяння моў. Аўтар больш як 300 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, 4 слоўнікаў. Лаўрэат прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2001 і 2011 гг.

 

 

Ева Аляксандраўна Лявонава

Ева Аляксандраўна Лявонава – даследчыца беларускай і сусветнай лiтаратуры ХIХ – ХХ стст. Кандыдат фiлалагiчных навук. Прафесар кафедры замежнай лiтаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Аўтар кнiг “Плынi i постацi: З гiсторыi сусветнай лiтаратуры другой паловы ХIХ – ХХ стагоддзяў” (Мінск, 1998), “Агульнае і адметнае: Творы беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. у кантэксце сусветнай літаратуры” (Мінск, 2002), “Немецкая литература ХХ века: Германия. Австрия” (М., 2010), “Беларускае мастацтва слова ХХ ст. у еўрапейскім літаратурным кантэксце: Тыпалогія. Рэцэпцыя. Пераклад” (Мінск, 2014), вучэбных дапаможнікаў “Мировая литература первой половины ХХ века” (Мінск, 1997, 1998), “Мировая литература второй половины ХХ века” (Мінск, 1999), адна з аўтараў калектыўнай манаграфіі “Австрийская литература ХХ века: в 2 т.” (М., 2009 – 2010), вучэбнага дапаможнiка для студэнтаў “История зарубежной литературы: Вторая половина ХIХ – начало ХХ в.” (Мінск, 1997) і інш.

 

Валерый Аляксандравіч Максімовіч

Валерый Аляксандравіч Максімовіч – літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук. З 1992 г. працаваў у БДУ дацэнтам кафедры беларускай літаратуры XX ст. У 2003 – 2006 гг. – першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2006 г. – в. а. дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук. Цяпер в. а. намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута філасофіі НАН Беларусі. Даследуе беларускую літаратуру пачатку XX ст. Аўтар манаграфій “Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.” (2000), “Беларускі мадэрнізм: эстэтычная самаідэнтыфікацыя літаратуры пачатку XX ст.” (2001) і іншых, шэрагу дапаможнікаў.

 
  • На старонцы:
    Показано с 1 по 20 из 44 (всего 3 страниц)